ТРЫ́ЦЦАЦЬ ПЕ́РШЫ З’ЕЗД КПБ.

Адбыўся 28.11—1.12.1990 у Мінску. Прысутнічала 717 дэлегатаў ад 717 тыс. чл. і канд. у чл. партыі (разам з вайсковымі арг-цыямі; 678 тыс. чл. і канд. у чл. КПБ). Парадак дня: справаздача ЦК КПБ і задачы парт. арг-цый рэспублікі ў новых умовах (Я.​Я.​Сакалоў); справаздача Рэвіз. камісіі КПБ (І.​Ф.​Якушаў); аб бюджэце і маёмасці КПБ (А.​У.​Навіцкі); канцэпцыя Праграмы КПБ; пазіцыя і праграма дзеянняў КПБ у сувязі з пераходам рэспублікі на рыначныя адносіны; Статут КПБ; Палажэнне аб Кантрольнай камісіі (КК) КПБ; выбары 1-га сакратара ЦК КПБ, старшыні КК КПБ, ЦК і КК КПБ; рэзалюцыі, заявы і звароты XXXI з’езда КПБ. Па рашэнні дэлегатаў у парадак дня дадаткова ўключаны пункт пра выбранне на з’ездзе прамым тайным галасаваннем усіх сакратароў ЦК КПБ.

З’езд працаваў ва ўмовах, калі сістэмны крызіс, што ахапіў краіну, пачаў пераходзіць у крытычную фазу, за якой насталі дэзарганізацыя эканомікі, страта кантролю над грашовым абарачэннем, напаўненнем рынку таварамі і паслугамі, паліт. хаос, распад дзярж. структур. У прынятых з’ездам пастановах і рэзалюцыях абагульнены прапановы дэлегатаў, сфармуляваны бачанне КПБ сітуацыі, што склалася ў краіне ў ходзе перабудовы, а таксама меры, што намячалася ажыццявіць для стабілізацыі эканам. і сац.-паліт. становішча. Усяго зацверджана 11 пастаноў і 11 рэзалюцый. Прыняты зварот да ўсіх камуністаў краіны мацаваць СССР. З’езд абраў 1-га і 2-га сакратароў, а таксама 4 сакратароў ЦК КПБ. На пленуме ЦК КПБ сфарміраваны Бюро ЦК КПБ з 24 чл. (уключала сакратароў абкомаў партыі), Сакратарыят ЦК КПБ з 6 чл., 7 пастаянных камісій ЦК, зацверджана структура апарату.

Літ.:

Матэрыялы XXXI з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Мн., 1991.

Р.​П.​Платонаў.

т. 16, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)